РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вырай
Зелянеюць зноўку лазьнякі,
А ў вясеньнім небе – крык птушыны,
Крык птушыны – голас жураўліны
Над палямі, над прасторамі ракі.
 
Небасхіл ахоплены зарой.
I з крыла у важака старога
Падае на чорныя разлогі,
Дзівамі іграючы, пяро.
 
Вось яно кранула хмар граду –
I яны вясёлкамі зазьзялі;
Зачапіла вербаў чараду –
I яны уміг закрасавалі;
 
А калі апала на ваду, –
Пасінелі, зашумелі хвалі,
Нерастуючы, пайшлі самы па дну,
I сузор'і лілій паўсплывалі...
 
Кажуць, каб злавіў тое пяро,
Казачнікам стаў бы, чарадзеем.
Кожнаю вясеньняю парой
Я выходжу з тайнаю надзеяй
 
На шляхі і на прасторы ніў,
Дзе губляе вырай свае пер'і...
Хоць даўно мінулі тыя дні,
Калі я ва ўсе прыкметы верыў.
 
1946
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.