РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Добра было б...
Добра было б, каб хто іншы пачаў
Гэты напеў, бо і так па начах
Клічуць мяне, ля расстайных дарог,
Сосны, якіх я ад куль не зьбярог,
Нівы, якіх ад ліхіх навальніц
Мне не ўдалося грудзямі закрыць,
Зоры, якіх ад пажару вайны
Ў час я далонямі не засланіў,
Попел радзімы і цені братоў
З-пад незарослых магіл-курганоў.
 
Толькі сягоньня спраў кожнаму шмат:
Коласу – вырасьціць жменю зярнят,
Сонцу – стаптаныя травы падняць,
Ветру – акопы пяском зараўняць,
Хмарам – дажджамі зямлю напаіць,
З выраю птушцы – гняздо сваё зьвіць.
Мне ж трэба нанава ўсё пачынаць,
Ўсё: ад сасновага зруба, зьвяна
Аж да вясельных шырокіх сталоў,
Аж да пахмельных цымбал і смыкоў.
 
Не ўпершыню так прыходзіцца мне,
Але я верны прыкмеце старой:
Каб не зьвяліся снапы у гумне,
Пчолы – ў вульлі, госьці – ў хаце маёй, –
На папялішчах вышэй, як былі,
Сьцены ўздымаю і шыру вуглы.
На талаку я суседзяў пазваў.
Шмат не прыйшло іх. Відаць, не змаглі
Ўстаць з-пад прыволжскіх апаленых траў
Або вярнуцца з карпацкіх далін.
Будзе цяжэй нам бязь іх пачынаць
Працу і сьвята і тост падымаць.
 
Можа, яшчэ хто зь іх прыйдзе дамоў
Каб паглядзець на прасторы палёў
Каб паглядзець на багаты ўмалот,
Каб паглядзець на нарогі плутоў,
Каб запытаць у сваіх у сірот,
Як прытуліў прыгарнуў іх народ.
Можа, яшчэ хто зь іх прыйдзе дамоў...
Пэўна што прыйдзе... За кожным сталом
Мейсца пакінем для нашых сяброў,
Чарку пакінем з кіпучым віном,
Песьню любімую і паначы,
Каб не блудзілі, дамоў ідучы,
Вокны у хатах азорым сьвятлом.
 
1946
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.