Скрыпяць, перасьмягшы ва ўтулках, Гарачыя восі, I льецца пясок Паміж рэдкімі пальцамі сьпіц. Наўсход і на захад, Да цёмнага лесу граніц, Лугоў муражных Дагараюць на сонцы пакосы. Далей, быццам стада валоў, На папары каменьне і грушы, Як жнеі зялёныя, Хіляцца нізка ў дабры I тонуць асьверы, пярэплаты, Рогі апушын За пылам дарожным, За шэрым пакатам гары. А ўдаль, з-пад калёс гаваркіх, Разаслаўся гасьцінец, Паплыў па пагорках З прытокамі польных дарог, З прытокамі сьцежак Ды тропаў глухіх і нізінных, Пралёгшых праз папараць, верас I чартапалох. Адны з гэтых сьцежак Нясуць пах жытнёвага поля I рэха забытых напеваў Зь іх усхваляванай тугой, Знаёмую сьвежасьць, Блакіт надазёрных аколіц I шум таямнічы Наднёманскай пушчы глухой; Другія – нясуць успаміны дзяцінства, Сустрэчаў I подых вільготных іржышч, Верасьнёвых начэй, Калі адклікаецца толькі На шэлест атавы надрэчнай, Калышачы крыльлямі зоры, Ключ дзікіх гусей. I ўсё гэта бурымі хвалямі Спаленай гліны, Падзолу, пяскоў Уцякае з-пад дрогкіх калёс. I рэхам трывожным Сухія зьвіняць каляіны, І нізка, ад хмараў асеўшых, Зьвісае бярозаў гальлё... Дарога, дарога! Чым заваражыла мяне ты? Вятрамі, начлегамі, Песьняй ці далечынёй, Што я без тугі пакідаў I абжыты палетак, I клёкат бусьліны Па-над саламянай страхой? I нават сягоньня, Калі ўсяму ведаю вартасьць: Сустрэчам і дружбе, Спагадзе і фарбам вясны, – Я золатам лічаных дзён сваіх Шчодра і ўпарта Плачу за дарожныя І мімалётныя сны. Нібыта мне суджана лёсам На нейкім крутым перавале, Дайшоўшы да мэты, Застацца слупом верставым, Ў якога другія Заўсёды дарогу пыталі б І каля якога ўздымаўся б Начлежнага вогнішча дым.
1946
|
|