РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У Вільні
Вось дом і сад, завулак той,
Вячэрні цень гатыцкай вежы,
Дзе не заўважылі з табой
Мы расьцьвітаючага бэзу.
 
А ён, хоць столькі год прайшло,
Мая сяброўка дарагая,
Усё запомніў, паўтарае,
Што намі сказана было.
 
Што дасказаць нам не далі
Панарскія крутыя горы,
I салаўі каля Вільлі,
I ападаючыя зоры.
 
Прыйшоў вандроўны музыкант
I атуліў усіх жалобай;
Забразгала ў яго руках
Скупых мяшчан скупая дробязь.
 
Але напеў, які раней
Зьвінеў ля нашага парога,
Такім далёкім здаўся мне,
Як рэха зь берага другога.
 
Таму спытаў я: – Хто тут жыў
Перад вайной, у гэтым доме?
I адказаў мне старажыл:
– Былі гаспадары, вядома,
 
I гэты бэз іх і вішняк
(Сад, праўда, быў тады гусьцейшы)...
Яшчэ тут нейкі жыў дзівак,
Пісаў, казалі людзі, вершы.
 
1946
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.