РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Стары гасьцінец асамотнены.
Зь бяроз чырвоны ліст цярушыцца.
I вее ў твар вятрамі слотнымі,
Бы з казачнай «Баляды» Рушчыца.
 
Куды ў пануры гэткі дзень ісьці?
Дзе захінешся, куды дзенешся?
I дрэвы на'т ад безнадзейнасьці
Кідаюцца ў азёры верасьня.
 
А мне шкада іх. З кожным дрэвам я
Дружыў. Яны шумелі некалі
Над сном маім і над напевамі,
Над пройдзенымі мною рэкамі.
 
I я крычу ім: – Што вы робіце?!
Няўжо вас дождж пазбавіў розуму?
Я рукі вам падам, і ў золаце
Вы зноў шуміце над барознамі!
 
Іх ратаваў, як мог, дзень цэлы я.
I вось яны над шляхам высяцца,
I стройныя ствалы іх белыя
У чырвані лістоў калышуцца.
 
1946
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.