РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вясна-красна на ўвесь сьвет
Мінулі завеі, панурыя дні;
Гараць на усходзе зарніцаў агні.
Вясна-красна на ўвесь сьвет!
 
Іду валачобнікам я па зямлі,
Вітаю вясну што прыйшла на палі.
Вясна-красна на ўвесь сьвет!
 
Сьпяшайся, вясна, і маўчаньне зімы
Вятрамі, дажджамі грымучымі змый.
Вясна-красна на ўвесь сьвет!
 
Будзі жаўрукамі жытнёвую рунь,
Палі незгасальную ў небе зару.
Вясна-красна на ўвесь сьвет!
 
Дай буйную завязь цяністым садам,
Спакойныя хвалі купальскім вянкам.
Вясна-красна на ўвесь сьвет!
 
А мне памажы скласьці гэткі напеў,
Каб век ён у сэрцы народа зьвінеў.
Вясна-красна на ўвесь сьвет!
 
1946
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.