РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На даўгінаўскім гасьцінцы
На даўгінаўскім гасьцінцы непагода, –
Граюць ветру ашалелыя смыкі.
Дождж сячэ ў палёх загразлыя падводы,
У карчму сышліся грэцца мужыкі.
 
Смалакуры з-пад Крывічаў і Смургонаў
Жабракі і местачковыя майстры,
Рыбакі зь сялявай мядзельскай салёнай,
Куранецкія з палівай ганчары.
 
Але нешта у карчме сягоньня глуха,
Не чуваць гамонкі-шуму за сталом,
Недапітая пакінута сівуха,
I ніхто ня лезе ў спрэчку з карчмаром.
 
Толькі чутна, як гарыць стрыжэнь-асмалак,
Стогне вецьце каля вокан, каля брам
Ды ў карчме, у цішыні юнак Купала
Сам чытае песьні-вершы мужыкам.
 
Хто ён гэткі, ў шэрай сьвітцы даматканай?
Як адважыўся пісаць на мове іх?
Скуль ён ведае у іхнім сэрцы раны?
Як падслухаў думы скрытыя жывых?
 
Толькі ўсе у песьні чуюць гром пракляцьця
На няволю, на магнатаў, на цара,
Чуюць, што даўно пара ім людзьмі звацца,
Векавыя путы разрываць пара...
 
I такім агнём палала гэта слова,
Верай ў будучыню, што здалося на'т,
Быццам сонца азарыла зруб сасновы,
Ноч за вокнамі, дажджлівы лістапад.
 
Кажуць, што пасьля сяляне бунтавалі,
Над палацамі клубіўся чорны дым
Недалёка той карчмы, дзе быў Купала,
На даўгінаўскім гасьцінцы векавым.
 
1947
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.