РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Нарач
Дзень шэры быў.
Плылі над намі хмары.
Дождж марасіў
Па верасах густых.
Але мы ў час
Прыехалі на Нарач,
У спрэчку хваль
I сосен векавых.
 
Грымела Нарач
Гатаўскаму бору:
– Дарэмна ты
Пільнуеш курганоў,
Аддай маім
Усьпененым прасторам
Спачыўшых пад крыжамі
Рыбакоў!
 
Не аддасі, –
Я днём і ноччу буду
Іх шумам,
Крыкам кагарак будзіць,
Рваць з-пад тваіх карэньняў
Жвіру груды
I ў берагі крутыя
Хваляй біць!
 
А бор шумеў:
– Я не аддам табе іх.
Яны мае,
З маёй жывой сасны
Калыскі іх
I хаты, што чарнеюць,
Крыжы
I востраносыя чаўны!..
 
Змагаліся дзень цэлы
Бор і Нарач,
Ды хвалі возера
Усё-ж перамаглі.
I рынулі у тонь
Зялёнай хмарай
Падмытыя сасновыя
Ствалы.
 
I вечарам,
Пры ціхіх, летніх зорах,
Мы ўбачылі:
Палалі трысьнікі,
Плылі ў чаўнах
Ад Гатаўскага бору,
Устаўшы з валатовак,
Рыбакі.
 
12.VI.1946.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.