РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прысеньне зімы
Наваградак. Золь. Прысеньне зімы.
Рунь і дрэвы мараць аб цёплых снягах.
О, якая самота гатэльнай турмы!
Векавая якая туга!
Крыжацкай навалай з паўночных меж
Падпаўзае пад стромы зіма,
На схілах чыгунная чырвань веж
Прамерзла да сэрца амаль.
Вецер зь цемры польнай, бы ўдар ляза,
Бадзякі зіхацяць, як шкло...
Як жа ім халодна, чарцячым князям,
У іхніх загонах было!
Паміраў жарынкамі зор карагод...
Мой апошні агеньчык жаўрэў нежывы,
І коні калматыя білі лёд
Да замерзлай жоўтай травы.
І скакаў да брамы начны ганец,
І крычаў, што безьліч крыжацкіх зграй,
Што ад сьцюжы чужынскай і сьцюжы сардэц
Памірае ўлюбёны край.
Ноч... Гасьцільня... Горад даўно апусьцеў.
У вежах пяць стагодзьдзяў, як згасьлі агні,
І вецер у вокны лісьце мяце,
Прамерзлае – аж зьвініць.
Уначы ірвецца дрымоты ніць...
Як удар.
Бо прыпомніў у сьне,
Што Сьвіцязь, у нэтрах забытая, сьпіць
У дубовай сваёй труне.
 
27.X.1969. Навагрудак. Гасьцініца. Ноч. 9 гадзін.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.