РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Я свой парус узьняў і зьнікае
За усьпененай хваляй сівой
Паласа галькі берагавая,
Дзе стаіш ты пад цяглай сасной.
 
Вецер верх меднастволы калыша,
I здаецца, што гэта пяром
Нешта мне на аблоках ты пішаш
Пад вясеньні раскацісты гром.
 
Можа, стрэчу ізноў абяцаеш,
Можа, слова даеш, за якім
Кожны дзень да цябе прыязджаю
На чаўне на рыбацкім сваім.
 
Бо я ведаю: каб тваё сэрца
Не тужыла ніколі па мне,
Не выходзіла б ты ў гэткі вецер,
Не чакала б да ранку мяне
 
Ля рыбацкіх кастроў ля дубровы,
Калі хвалі шалёна гудуць,
I мне не памагала б з уловам
Поўны невад на бераг цягнуць.
 
1952
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.