РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Юнацтва маё
О юнацтва маё! Як забуду цябе?
І догмы, навука і тлум...
«Piramus et Thisbe...
Piramus et Thisbe...
Piramus et Thisbe...
іuvenum...»1
Як забуду?
Завея акацый мяла
Квецень па вулках крывых.
Ты была, мая Цізба, была, была,
Пажаданая больш за ўсіх.
Радасны боль, нясьцерпны, як шкло
Між сэрцам маім і тваім...
І ніколі такога ні з кім не было
І ня будзе ніколі ні з кім.
 
І разьвёў нас ня леў і ня востры кінжал,
Не вакзалаў далёкіх агні,
А гады пакут і няшчырых пахвал,
Даносаў і брыдкай хлусьні.
І ведаў наклёп, як сэрца крануць,
І нас аддзяліў сьцяной,
І паверыла ты, і зьмяняла вясну
На шаўкі, што знасіла даўно.
Але сэрца ня можа забыць пра замах,
Болем поўнае да краёў...
 
Будзь праклятым, юнацтва маё, ў вяках!
Будзь праклятым, юнацтва маё!
Будзь праклятым!..
Каштаны квітнелі вясной,
Хаваў нас бэзавы дым,
І былі мы зь ёю – адно, адно
І ніколі ня будзем адным.
Што ж, ня плачу.
Паэзіі горды прыгон,
І радок, што стальлю зьвініць, –
Ўсё адкуў я на горне юнацтва майго,
На яго пакутным агні.
І праўды зьніч, і подласьці дым,
І сілу мужную жыць,
І тое, што веру ў сэрцы маім
Нават сьмерць ня можа забіць.
І руку дагэтуль помніць рука.
Сэрца помніць шчасьце баёў...
Блаславёна юнацтва маё ў вяках,
Блаславёна юнацтва маё.
 
1964–1968
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.