РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Каторы дзень
Каторы дзень шуміць наўкола,
Шалее лютая зіма,
Аж дрэвы хіляцца да долу.
Каторы дзень цябе няма...
Што дрэвам? Ім лягчэй, я знаю,
Трымаць на плечах буры шум,
Як мне, калі цябе чакаю, –
Цяжар маіх трывог і дум.
Калі б між намі ўсталі горы,
Я мог бы іх скапаць, скрышыць;
А разьлілося б сіне мора, –
Яго я змог бы пераплыць.
А ты, ня ведаю, ці зможаш
Сягоньня, позьняю парой,
У веснавое бездарожжа
Прыйсьці пагутарыць са мной.
Шляхі заносіць сьнежным пылам.
I у замеці ня ўбачыў я,
Як ціха вочы мне прыкрыла
Далонь знаёмая твая,
Далонь, мне на якой цыганка
Зьбіралася паваражыць,
Сказаўшы мне, што ты – заранка,
Што безь цябе мне нельга жыць.
Аб гэтым знаў я і бяз картаў
I безь ніякай варажбы,
Што ты найлепшай песьні варта,
Што век цябе мне не забыць.
 
1954
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.