РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
І так ты едзеш, брат
I так ты едзеш, брат,
У мой юнацтва край.
Ці я табе зайздрошчу?
Лепей не пытай!
 
Як сыдзеш зь цягніка,
Як ступіш на бальшак,
Пабачыш прад сабой
Ты малады хмызьняк,
 
На захад, за ракой, –
Прастор лугоў, палёў
I статак пасівелых
Шэрых валуноў.
 
– Далей – мінуўшы лес –
Ракі сінее гладзь,
За вербамі страха
Знаёмая відаць.
 
Пад ёю шчабятуньні –
Ластаўкі жывуць.
I ты іх прывітаць,
Мой браце, не забудзь!
 
Яшчэ пад той страхой
Дзяўчына ёсьць адна.
Ёй – ад мяне паклон.
Прыпомніць мо' яна
 
Таго, хто многа дзён
Каля яе акон
З гармонікам блукаў,
Спакой згубіўшы, сон;
 
Таго, хто празь яе,
Каб гора сваё ўняць,
Пакінуў гэты край
I песьні стаў складаць.
 
А не прыпомніць – што ж,
Я буду знаць тады,
Што сьлед зацёрлі мой
Шчасьлівыя гады.
 
Удачнаму яе жыцьцю
Я буду рад...
Ты толькі не забудзь
Яшчэ наведаць, брат,
 
За грэбляй вербы, дзе
Вячэрняю парой
Я слухаў шум вясны.
Паклон ім нізкі мой!
 
Прабачаць хай яны
За сьлед майго ляза –
Не для сябе я зь іх
Жалейкі выразаў.
 
1955
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.