РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда пра разьвітаньне
Над пушчаю вецер гудзе, бы ў бядзе,
І хмары імкнуцца рысьсю.
– Бязьлітасны, чорны вораг ідзе.
Бывай, о бывай, Марыся.
 
Тут нельга больш. У адказ на крык
Савіны рогат лунае.
І душаць мову, і рэжуць язык,
І шкаляроў разганяюць.
 
І нават апоўдні на гонях туман,
З адчаю хаця задавіся,
І сіл няма, і вояў няма,
І здрадзіла панства, Марыся.
 
– Куды ж вы ідзеце? Зь лязом па лязу.
Ноч. Месяц – і той змарыўся.
– Мы пойдзем у пушчу, ў густую лазу,
Ў разбойнікі пойдзем, Марыся.
 
– Якая ў вас сіла? Пад ветрам дым?
Князь першы – і той скарыўся.
– Здабудзем волю, пакажам ім
Ці косьці складзем, Марыся.
 
– А што, калі ён ня здыме нагі
Зь ніў, што зараз толькі чапае?
– Тады мы спалім свае ачагі,
Калыскі свае пашчапаем.
 
– О, муж мой мілы! Сьвяты, залаты!
– О, бацька мой, праўдай абраны,
Куды ж мне ісьці, як загінеш ты?
– У пушчу зь сякераю, Яне.
 
– А што як абодва? І ўсё бязь зьмен,
Маліся ці не маліся?
– Ну што ж, браць табе тады цэп ці бязьмен,
І ў пушчу ісьці, Марыся.
 
І месяц між хмар, як адчаю знак,
І страшнае ў сьвеце сьвітаньне.
Крывавы ўсход.
                                  І канчаецца так
Балада пра разьвітаньне.
 
8.II.1984. 20.09.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.