РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У шхерах
Разгневанае, непрыветнае мора
Сягоньня бушуе ўвесь дзень за кармой.
З апошняю чайкай паслаў я заўчора
Сябрам прывітаньне, радзіме маёй.
 
Пусты небасхіл. Хоць маліся, хоць плач ты.
Адны толькі хвалі ўстаюць на ўвесь рост,
Адны толькі стогнуць высокія мачты,
Калі налятае шалёны норд-ост.
 
Імгліць пачынае дождж нудны і шэры.
Здаецца, ці выгляне сонца калі.
Ад левага борта скалістыя шхеры,
Ад правага – голыя горы ўдалі.
 
Іх выгладзіў вецер да чорнага бліску,
Аж хвалі, здаецца, зь іх іскры сякуць.
I дзіва, як гольле раскінуўшы нізка,
Тут, закараніўшыся, сосны растуць.
 
Магчыма, ня холадна ім і ня блага.
Што знаю, вандроўнік з чужой стараны,
Якія іх зачаравалі тут сагі,
Якія ім сьняцца паўночныя сны.
 
Гляджу я. Вось сонца з-за хмар выплывае.
Зайграла ствалоў пацямнелая медзь.
Чакайце! Здаецца мне: я пачынаю
I гэтай зямлі хараство разумець.
 
1956
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.