РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вясна
Вясна спачыла, йдучы праз бор
Да рэк і ніваў, садоў і сёл.
На ёй – хусьцінка ў мігценьні зор.
На ёй – сукенка ў дванаццаць пол,
У косах стужкі агнём гараць,
Пад галавою бубны ляжаць.
Дамоў зь вясельля скрыпач блукаў,
Дзяўчыну ўбачыў – іграць пачаў.
Сваёй ігрою збудзіў вясну,
Працёрла вочы яна са сну.
Як стала хустку распраўляць,
Дык сталі птушкі прылятаць;
Калі ж сукенкай стала шумець,
Дык бор сасновы пачаў зьвінець;
Кранула стужкі – і паплылі
Патокі бурныя па зямлі.
Пад граньне скрыпкі і бубнаў гром
Вясна танцуе, аж гул кругом.
I не заўважыў скрыпач-юнак,
Што верхаводкаю сьнег набрак,
Зьвіняць патокі, бягуць, равуць,
Вышэй, вышэй, хвалі струны рвуць,
I не па струнах, а па вадзе
У забыцьці ён смычком вядзе...
Калі хавалі мы скрыпача,
Шмат хто дзівіўся, што ў раньні час
Нябачна нехта на жвір-пясок
Яму з пралесак паклаў вянок.
 
1959
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.