РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Рэха
Ёсьць над быстрым Нёмнам
Векавыя хвоі,
Дзе жыло калісьці
Рэха баравое.
 
Рэха баравое
З гулам стогалосым,
Я яго шукаў там
На мядовых росах.
 
На мядовых росах
Клікну – адгукнецца.
Недзе яно побач,
Блізенька, здаецца.
 
Блізенька, здаецца,
Толькі дзе – ня знаю
I, як невідзімку,
Цэлы дзень шукаю.
 
Цэлы дзень шукаю.
Раптам пад хваінай
Бачу гэта дзіва
Ў вобразе дзяўчыны.
 
Ў вобразе дзяўчыны,
Босай чараўніцы,
З русаю касою,
З кошыкам суніцаў.
 
– Гэта ты, – пытаю, –
Баравое рэха?
– Я! – і залілося
Серабрыстым сьмехам.
 
1960
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.