РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На прадмесьці, дзе дамы малеюць
На прадмесьці, дзе дамы малеюць,
А шырэюць градкі перад імі,
Некалі жыла мая надзея,
З косамі тугімі, ільнянымі.
 
Вуліцы ўсе тут былі пагнуты,
Глейкія калдобіны абапал.
Вечарамі граў гармонік люта
У заезным доме «Воўча лапа».
 
Тут народ жыў бедны і суровы.
I, каб не праслыць сентымэнтальным,
Я прыносіў кветкі зь ніў вясновых,
Захінуўшы іх у цень зьмяркальны.
 
А калі пісаў лісты з-за кратаў,
Так было ў іх слоў патрэбных мала
I так многа з клясыкаў цытатаў –
Як, ня знаю, іх яна чытала!
 
Як зь няўдалых маіх вершаў раньніх,
Скрэсьленых, зьнявечаных цэнзурай,
Адгадала аб маім каханьні,
I ня толькі – да вясны і буры?
 
Мо' таму і сёньня мяне вабяць
Вуліцы забытыя ускраін,
Дзе шумяць ліствой каштаны, грабы,
Дзе гармонік заліхвацка грае.
 
1960
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.