РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Я іду
Калі ты ведаеш, на што здатнае  
каханьне, і калі ты мужчына, пашкадуй  
мяне, не кажы «не» і дай мне ўвайсьці...
Надпіс на муры ў Пампэях
Надпіс моліць. Журба скамянелая,
Быццам рана, гарыць на сьцяне.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Даў ён шчасьце, якога хацела?
Ці кахаў? Ці пасьпеў?.. Ці не?
Невядома. Ўсё сьцерлі крыкі,
Зьнішчыў полымем судны час.
Засталася крыўда вялікая,
Крык аб літасьці.
Гром у адказ.
Як на сьмерць гэты дзень вязу я:
Горад марыў і мрэла гара,
Калі рынуў з глоткі Вэзувія
Божы гнеў, Божы гром, Божы град.
Гэтым гневам абезгалоўлены,
Волат выплюнуў страшны салют, –
Серны грыб, крывавы, суровы, –
Як пергамэнт разьдзершы зямлю.
Адбягала вада ад берага,
Ў бухце трушчачы караблі,
Зьлівы з попелу, гразі, серы
Проста зь неба на горад плылі.
На гэрояў, ад жаху сьпешаных,
На раба, што жадаў забыцьця,
На дзяцей аднадзённых, бязгрэшных,
І на ўсіх, нявартых жыцьця.
Дэман чорны, крывавы, агністы
Прагна падаў з хмары, як крук,
На твае валасы залацістыя,
На клубы, на сьцябліны рук.
О, няўжо гэты воін ці мытар
Не суцешыў цябе ў журбе?!
Я б цябе і з Вэзувія вытаргнуў,
Я б і зь пекла вывеў цябе.
Позна. Ў зыркіх маланках над ліўнямі,
Ў гэтым д’ябальскім блісканьні вей
Ў поўдзень дваццаць дзевятага жніўня
Ўпала ноч на зямлю Пампэй.
Ну, схлусіў бы!.. Хаця б перад лютай
Гэтай сьмерцю, халодная кроў,
Перад ноччу на двое сутак,
А пасьля на дваццаць вякоў.
Камні гэтыя сочацца болем
Горай страшнай пякельнай смалы...
Дык чаму ж твой прызыў непатолены
Больш за ўсё ў маім сэрцы баліць?
Вось агонь гуляе сьвятынямі,
Гіне ў выбухах гор града...
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Калі нешта і зараз загіне,
То адной любові шкада.
Спапялёны такімі ж мукамі
І патоплены ў той жа крыві,
Да цябе я працягваю рукі,
Твой двайнік па сьмерці й любві.
Празь мільёны ўдараў і ранаў,
Заступаючы шлях журбе,
Мая даўняя, мая жаданая,
Не крыўдуй, я іду да цябе.
 
28.VIII.1969
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.