РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пуня
Пуня – гэта ня проста
Зь нейкіх вяршалін зруб,
Па-над якім рыжэе
Страхі саламянай чуб,
 
Шчыт забіты дошкамі
Або заплецен лазой,
Дзьверы, ў якія можна
Уехаць падводай любой;
 
I на памост сасновы
Сена пласты зьвярнуць,
Змарыўшыся пасьля працы,
У леце духмяным заснуць.
 
Пуня – гэта гэрбарый
Усіх траў і кветак зямлі,
Якія пад сонцам квітнелі,
Пад маладзікамі расьлі.
 
Гэта – такая сьвятыня,
Дзе на працягу вякоў
Амаль ўсе вясельлі спраўляліся
Пад перазвон камароў,
 
Пад шчабятаньне ластавак,
Дзе іх любімы дом,
Пад звон ападаючых зораў
I гулкіх ліўняў гром.
 
Пуня... Ды што казаць тым,
Хто ў ёй ніколі ня быў,
Ня дыхаў водарам сена,
Ніводнага сну не сасьніў.
 
1961
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.