РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Старажытны беларус
Сьпічасты строй гатычных вежаў.
Ў дубах старэнькая царква...
«Як чалавеку жыць належыць,
Скажы мне, мудрасьці сава?»
На хаты ў прывідах вішнёвых
Глядзіць, і іх ня бачыць ён...
«Хоць ты адкрый мне тое Слова,
Сьвяты Настаўніка закон!
Адкрый ня верай ці бязьвер’ем,
Ня так, як Мойзасу калісь,
Як зьведаць Словам, Весам, Мерай,
Што Ісьціна на сей зямлі?
Ў чым чалавечнасьці адзнакі,
За кім ісьці, каго маліць,
Ці багахульстваваць, ці плакаць,
Ці кнігі на стагнах паліць?»
Маўчаньне. Кнігу ў скуры рудай
Закрыў, бо перад ім – сьцяна.
І сэнс жыцьця, і хто мы, людзі,
Па кнігах не спазнаць да дна.
І усплываюць за парогам
Краін далёкіх міражы.
Як сэрца цягнецца ў дарогу!
Як прагнуць ногі зем чужых!
Туды! Туды! Зь няпэўнай картай.
Туды, каб рассудзіць спаўна,
Чым дрэнны чалавек і варты,
І з родным краем параўнаць.
Нясьцерпна думаць, што блукаюць
За вобрыем, далёка, там
І какадрыл, і цудзь марская,
І страшны зьвер сланапатам.
Ўсё выпытаць, не для прыправаў –
А ўрэшце, можа, і для іх –
Па чым там перац, вера, слава,
Грахоў сьмяротных сем людскіх?
Прайсьці праз горы, моры, логі
Нязнанай сотняй пуцявін
І зьведаць золата, і Бога,
Й сем кліматаў чужых краін.
Калі ж абрыдне – Божа мілы! –
Пад лаўрамі чужынскі рай,
Прыдумаць бронзавыя крылы,
Каб адляцець у праўды край
І сесьці й піць красу зямліцы,
Якой ты гонар, моц і шчыт,
Красу вунь той, сваёй званіцы,
Дзе ў бронзу гучна б’юць хрушчы.
 
5.ІІ.1984.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.