Ля грэблі, ля грэблі Вада закіпае Ад зораў, што ночка Зь мяхоў высыпае. Млын меле, млын меле Ячмень гэты зорны, Аж ходырам ходзяць Грымучыя жорны. Мы – ў пыле, мы – ў дыме, Бы ў іней бярозы. З нас кожны падобны Да Дзеда Мароза. Прылёгшы на мліве Гарачым, дадому Вяртаемся ў поўнач Дарогай знаёмай. Праз пушчу, дзе чорту Ды зьверу ня сьпіцца, Праз поле, дзе месяц Надгрызла лісіца. Чагосьці храпяць Палахлівыя коні, Скрыпяць палазы, Ды шарахаўкі звоняць. А вецер, а вецер Дзьме сьнегам у вочы. Сон хіліць. I ў сьне млын Нямоўчна грукоча.
1961
|
|