РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Было юнацтва
Так ружы надушыліся
Уласнаю парфумай,
Што іхнія галовы
Ад водару баляць.
А мне няма спакою,
І пра цябе я думаю,
Пакуль блакітны месяц
Ня выпаўзе на гаць.
Калі няпэўным сяйвам
Залье ён кола млына,
Заблытае праменьні
У тваннай барадзе,
Я зноўку засумую
Па дарагой дзяўчыне,
Халоднай, як лілея,
Што дрэмле на вадзе.
Блакітная і белая,
Жамчужная, ружовая,
Ўсю цеплыню хавае
У самай глыбіні.
Пакут маіх ня бачыць,
Майго ня чуе слова,
Каханьне зьневажае
І пра каханьне сьніць.
Якой адданай песьняй
Разьвеяць мне бяду маю?
Глянь, любая, – вось месяц
Над грэбляю старой.
Што ж ты не заўважаеш,
Што пра цябе я думаю
І раніцай ружовай
І позьняю парой?
У руж баляць галовы,
Ім сумна, ім нявесела,
А я да іх хілюся
Гарачай галавой:
«Вы, модніцы бяздушныя,
Што ж вы галовы зьвесілі?
Скажыце, што рабіць мне
З каханаю сваёй?»
Яна, як кветка, дрэмле
На холадзе празрыстым
І ад усплёскаў рыбы
Празь лёгкі сон дрыжыць.
Далёкая, маўклівая,
Халодная і чыстая –
Зусім яна ня думае,
Што мне балюча жыць.
 
1959
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.