РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Начная песьня
Змрок на кручы засьпеў рабінзона бабовага...
У Дняпро ручаінай сплывае туман.
Ўсе паехалі качак страляць на Падкову,
Абяцалі вярнуцца, ды нешта няма.
Пільна слухаю ветрык з далёкіх затокаў:
Можа, недзе Дняпром затуркоча матор.
Але ціха...
Плаўка не відаць у сутоньні.
А над сьветам – шалёнства зіхоткае зор.
Перакрэсьліўшы вудай смугу агнявую,
Я гляджу у сьвінцовы і грыфельны змрок...
Вось, здаецца, кругі...
Падсякаю ўсьляпую...
Зноў узмах...
Зноў зьнікае ў прадоньні плавок.
Каб ня спудзіць спакою
                                                      зь нядальных кшакаў,
З прыбярэжнай лазы, што цьмянее сьцяной,
Ціха ўзносіцца пастка рыбацкага сака,
Ловіць зоры і іх апускае на дно.
Пэўна, лягу пад стог.
Хай з глыбіняў зьнямелых
У адвечным і самым бяскроўным з баёў
Вышніх зьнічак імгненна-агністыя стрэлы
Да сьвітаньня спадаюць у сэрца маё.
 
1959
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.