РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Над ракой
Над ракой, што прабягае
Праз далёкае маленства
I забытыя легэнды,
Неяк зноў спыніўся я.
 
Зноў у тоні, як у люстры,
Ўбачыў белыя аблокі,
Кучаравыя бярозы,
Быстры човен рыбака.
 
I здаецца, каб даўжэй я
Паўглядаўся, мог бы ўбачыць
I знаёмую русалку,
Што тут некалі жыла.
 
Што ля млына кожным ранкам
Выплывала рваць лілеі,
Потым на зары сушыла
Косы русыя свае.
 
Толькі я, неасьцярожны,
Ідучы, абрушыў камень,
I ў разьбітым люстры тоні
Зьніклі цені дзён былых.
 
I спалохана ўзьняліся
З трысьнягоў густых, з аеру
Кнігаўкі, каб небясьпеку
Ад сваіх адвесьці гнёзд.
 
Ды, пазнаўшы старажыла,
Мне спусьціліся на плечы.
Як я ім і сёньня ўдзячны
За іх памяць, за любоў!
 
1963
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.