РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Рэчка Папараць
Чорная, з адценьнямі зялёнымі,
Быццам качкі цьмянае пяро,
Цягнецца яна праз нэтры сонныя,
П’е балот настоеную кроў.
 
Ціша ззаду цягнецца да шыі:
Ў гэтым кінутым кутку зямлі
Волаты змагаліся лясныя,
Зрынулі, пасеклі, паляглі.
 
Ўсё зьмяшалася і спрахла з часам.
Курчыць зрынутыя дрэвы страх.
Мухаморы, як кавалкі мяса,
Кінутая, як шчыты, кара.
 
Бервяно праз рэчку аксамітнае.
Я зваліўся на сьпіну ў імхі
І ня ўбачыў ні шматка блакіту
Празь ялін кашлаты малахіт.
 
Ўсё адно, калматыя ялінкі,
Што ўзрасьце каля вачэй маіх,
Баравік, надрэзаны сьцяблінкай,
Ці галоўка вострая зьмяі.
 
Хай мне будзе абаронай цьвёрдай
Звонкае, як шчыт, найменьне той,
Гожай, як язьмін, няўмольнай, гордай,
Як сьвітаньне сэрцу, дарагой.
 
Будзьце сьведкамі,
Лясныя сілы,
Да апошняга ў гаі ліста,
Што яна калісь сказала:
«Мілы».
Мімаходам.
Лёгка.
Проста так.
 
Што мне нэтры?
Што мне цені сьмерці?
Што мне зьмеі?
Толькі ты любі.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Тых, хто носіць небасхіл у сэрцы,
Нельга ні уджаліць, ні забіць.
 
1986
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.