РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прытча пра хлеб
Аднойчы на кірмаш здалёк
Вандроўнік плёўся ў горад
I наракаў на свой мяшок,
Набіты лустай спорай.
 
Аж Хлеб ня вытрымаў і так
Азваўся: – Што бядуеш?
Зусім ня ты мяне, дзівак,
Але цябе нясу я.
 
– Ну што ж, пабачым хто – каго!
Той запярэчыў строга
I зь цяжкага мяшка свайго
Хлеб вытрас на дарогу.
 
I сам пашкандыбаў далей.
Нішто ня муліць плечы.
Дзень прамінуў. Ужо ў імгле
Стаў набліжацца вечар.
 
Настаў і час перакусіць.
Успомніў Хлеб Вандроўнік,
Што недзе, кінуты, ляжыць,
Духмяны і цудоўны!
 
Прылёг на нейкім дзірване,
Каб адпачыць хоць трошкі.
Але галоднаму і ў сьне,
Знаць, сьняцца хлеба крошкі.
 
Цяпер і сам сабе ня рад.
Ня сьпіцца, не ляжыцца.
Ці не вярнуцца лепш назад
Ды з другам памірыцца?
 
Устаў Вандроўнік і брыдзе –
Ідзе пад зорным небам
На мейсца памятнае, дзе
Ён пасварыўся з Хлебам.
 
О, як ён рад быў зноў, калі
Сваю пабачыў страту!
I Хлебу нізкі, да зямлі,
Аддаў паклон, як брату.
 
1963
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.