РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вясельная
Мы – людзі простыя.
Мы не пакрыўдзімся,
Калі забудуць нас
За стол пазваць,
Калі ня хопіць нам
Усім шырокіх лаў,
Дык зможам нават мы
I пастаяць.
 
Мы – людзі сьціплыя,
Прамоўчаць можам на'т,
Калі памыляцца
I пададуць
Заместа чарачкі
Вядзерца першаку,
Заместа скварачкі –
Ды шкілянду.
 
I хоць мы ціхія,
Але ня зьмірымся,
Калі нам не дадуць
Пацалаваць
Ну хоць бы ў ручаньку
Зь пярсьцёнкам залатым
Той, каму шчасьцейка
Хочам пажадаць.
 
I каб не наракалі
Потым на каго,
Што без прычыны мы
Перавярнулі дом,
Дазвольце нам яшчэ
I песьню прасьпяваць,
Зь «Лявоніхай» прайсьціся
Пад цымбалаў гром.
 
1963
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.