РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пах баравіковы
Дык, значыць, восень зноў брыдзе разлогамі.
Ля печы сушацца з цыбуляй разам
Вянкі грыбоў – лясныя анталёгіі
Неверагодных, фантастычных казак.
 
Вось гэты баравік рос там, дзе забалаць
(Пад лён зязюльчын нават шапкі колер).
Ён можа расказаць, як шуміць папараць
I ваўчанят вядзе ваўчыца борам.
 
А гэты жыў, дзе ягаднікі сінія.
Прапах увесь п'янічнікам, ядлоўцам.
Ён знае закуткі цецеравіныя,
Нябачныя для воч людскіх і сонца.
 
А гэты быў прысыпаны ігліцаю
На верасам расквечаным пагорку.
Ён знае баравыя таямніцы ўсе
Пра барсука, пра дзятла, пра вавёрку.
 
Я іх зьбіраў. I мо' таму да раніцы
Прыпамінаюцца мне ўсе грыбныя сховы.
Дык, значыць, восень зноў, калі ўрываецца
I ў сон і ў сэрца пах баравіковы.
 
1964
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.