РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На старым гасьцінцы
Вецер сустрэчны
Сьцёбае пугай каня па вачах,
Які ідзе, хістаючыся,
Між аглобляй з пануканьня,
I аглобляй з нараканьня –
На бездарожжа.
Воз скрыпіць і кашляе,
Прамёрзлы на начлезе.
Калёсы, напіўшыся
Зь верасьнёвых калдобін,
Нешта рыпяць
На гармоніку сьпіц.
А сьледам пляцецца
Стары цыган і аглядаецца:
Хаця б яго не вярнулі
Да начэй пад страхой,
Да стравы зь печы,
Да сонца электрычнага,
Падвешанага да столі
На провадзе,
Як на повадзе аброці,
Да нежывой вады з труб,
Да нявесткі, што прываражыла
Яго сына і падпаска-ўнука
I не пусьціла іх
Зь ім разам вандраваць па сьвеце,
Напрарочыўшы старому
Крык вараньня на раздарожжы
I самоту.
 
1968
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.