РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ля старой хаціны
Стаю ля хаціны старой,
У якой было:
Больш нараканьняў на жыцьцё,
Як самога жыцьця,
Больш дыму лучыны,
Як сьвятла,
Больш едакоў,
Як лыжак,
Больш саганоў,
Як панцаку,
Больш цвыркуноў,
Як крошак хлеба,
Больш няспраўджаных сноў,
Як сукоў на бярвеньні.
 
I, быццам недаверлівы Фама,
Дакранаюся да ран –
Вуглоў пагнілых
Са сьлядамі прыкладаў і куль,
Да дзьвярэй, у якія грукалі
Ўсе навальніцы,
Да сьлепаватых вачэй шыб,
Скупых на сонца,
А на засень шчодрых, –
I пачынаю сумнявацца:
Няўжо хаціна гэта
Была калыскай песьні?..
 
1969
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.