РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Глухі гэній
Гойя
Сон розуму пачвар раджае,
І панствуюць яны над ім,
Паветра крыкам запаўняюць,
Вішчаць і кідаюцца ў дым.
І вар’яцее мозг ад плачу
На самай праведнай з планет.
Чуць не магу!!! Ўглядаю. Бачу
І мацаю каравы сьвет.
Што зь ім? Які сьмяшлівы д’ябал
Зямлёй гуляе, як мячом?
Чаму аднога ўладай вабіць?
Чаму другога б’е мячом?
У ведзьмы на грудзёх зьвісае
Дух цемры, злосны і тупы.
Сьвет забівае і ўмірае.
Хто не асёл – той нетапыр.
І хто паверыць, нават з кроўных,
Што цяжка мне узьнёсласць мар,
Дзіцячую сваю любоўнасьць
Хаваць за жорсткасьць і кашмар?
Іначай нельга, бо адразу
Раздражніш лютую зьмяю...
Іначай схопяць і абразяць,
І гразьзю ў душу наплююць.
У царсьцьве сьмерці і трывогі
Ёсьць для мяне адзін маяк,
Што асьвятляе мне дарогі...
Іспанія, зямля мая!
Ахутаная ў сан-беніта
З дурацкім вострым каўпаком,
Равучым полымем абвіта,
Ў турме задушана шнурком.
Вайна!
              Забілі маці ў полі.
Нясуць. А захад дагарэў.
Дзіцёнак сіры, бедны, кволы
Ідзе за ёй і вочы трэ.
Ня бачылі бы лепей вочы
Вось гэта:
                      новай сьмерці цень,
Маленькую фігурку ноччу,
Кранаючую, як прамень.
Хто высушыць дзіцяці сьлёзы?
Хто ён, загублены ў хмызах?
Язьміну кветка на марозе.
На веях мёртвая сьляза.
          «Матуля, бедная!
          Як гэта вытрымаць?!
          Якая мужнасьць!»
Суцэльны крык ірвецца з горла,
Крык фарбы, крык іглы ў турме.
І ўрэшце: «Ісьціна памёрла!»
Памёрла пад вясёлы сьмех.
Глухім жыву і паміраю,
Глухім крычу пад градам куль,
Глухім, бо слухаць не жадаю
Хлусьню, што панствуе паўсюль.
Пакуль пад гукі новай песьні,
Харалу, што залье палі,
Сьвятая праўда не ўваскрэсьне,
Ўсё ж уваскрэсьне на зямлі.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Тады – пачую.
 
1977
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.