Друг мой неадчэпны, Саха ты крывая, Хоць корміш сьвет цэлы, Сама ж век худая. Вяровак, жалеза, Адрэва найболей Пайшло, каб пажытак Зь цябе быў у полі. От рэзьні-нарогі, Паліцу – ўзьнімай роль – Мне выкаваў ў кузьні З жалеза каваль Сроль. Палічнік, прыполак, Падсошнік-крывуля Прыладжаны мною З дубочка-сынулі. На пласе зь бярозы, Ў рагач увязанай Падвоямі туга, Нарогі ўзагнаны. Рагач жа яловы – Ў ім мыліца ўбіта – Зь ярмом змацаваны Прызьмом з дубцоў вітым. Ў ярмо і кульбакі Капаныя ўткнёны, А такжа й занозы На ўсе дзьве староны. Такіх вось прыладаў Сабраць сасе трэба, Каб здатнай была ўжо Дабыці нам хлеба. Як гэта ўсё умелай Рукой і здаровай Прывёў да парадку – I сошка гатова. Валоў запрагаеш, Кульбакі прымерыш I – валь баразною! К сабе, «Бур», к сабе, «Рыж»! К сабе, «Бур», к сабе, «Рыж», Ідзі, сошка, ёмка, Мы ж гора забудзьма, Запейма а громка. Запейма, як дужы, Каб сьвет аж затросься, На ўсе каб староны, Як гром, гул разьнёсься... Ты, сошка, худая, Я пан твой – араты, Век бедны, галодны, Хоць пан наш багаты.
[1905–1907]
|
|