РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прарок
Маналёг Кастуся з ІІІ акта трагэдыі «Кастусь Каліноўскі»

Генадзю Кісялёву

 
Далёкія-далёкія дарогі
Пад хмарнай лебядзінай чарадой...
Іду... Ня веру ў д’ябла, ані ў Бога.
Былі б – дык не паднесьлі б чары той:
Пакутваць цяжка гневам і журбою,
Ў пустыні марна да пяскоў гукаць
За край, даўно адвучаны ад бою,
Ад мовы, гонару і языка.
І жыць, як тыя, што вось-вось сканалі,
Але яшчэ ня ўпалі ў вечны сьмерч:
Мозг шле навокал клічы і сігналы,
А цела – ў мёртвы лёд закула Сьмерць.
Ў распадзе клетак мозгу, бы ў магіле,
Чуць, як лікуе крумкачоў імша,
Ўсе словы чуць у гневе і бясьсільлі,
Пакуль ня вернецца ў Нішто душа.
І з горыччу, бы ў сполаху зарніцы,
Убачыць раптам дальнія гады,
Калі нашчадкі узьвядуць грабніцы
Ўсім тым, каго расьпялі іх дзяды,
Каго пабілі на стагнах каменьнем,
Каго на плаху валаклі з турмы...
Вы, людзі ўсіх наступных пакаленьняў,
Ці будзеце у роспачы, як мы,
З сваёй апошняй ледзяной калыскі
Чуць мозг, што марна растае ў агні?
Ня трэба. Што нам славы абеліскі?!?
Што нам, памёрлым, зьнічы і граніт!?!
Калі жадаем мы адной кароны:
Пачуць, як лёсу валяцца муры,
Пачуць, хаця і ў першы дзень па сконе,
Ў згасаньні мозгу ярасны ваш крык.
І зразумець, што вы ўзламалі краты,
Апошняй думкай, цяжкай, як сьвінец,
Што блізкі ён, вялікі ваш пачатак,
Што блізкі ён, вялікі мой канец.
І ў водбліску згасальнае заранкі
Апошнім промнем, як лязом нажа,
Пайсьці ральлёю, мною узаранай
Для руні, невядомай і жаданай...
Пайсьці да вас...
І да свайго крыжа.
 
3.III.1965.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.