РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На рыбалцы

Міхасю Лынькову

 
– Міхась!..
Зачынена акно.
Няўжо ён яшчэ сьпіць?
Хаця ў чаўне зары
На бераг наш
Ужо вяслуе ранак.
 
– Мі-хась!..
Няўжо забыўся ён,
Што сёньня меліся
Рыбацкае мы шчасьце
Паспытаць?
Ці, ноч правёўшы
З гэроямі
Сваіх апавяданьняў,
Пад дзень яго ахмарыў сон?
 
Але ж заўжды,
Калі зь ім дамаўляліся,
Ён загадзя
Рыбацкія прылады рыхтаваў
(Сачок і сьпінінг, блёсны і грузілы,
Сярод якіх
Былі такія мудрагелістыя –
Прывезеныя з Амэрыкі ці з Азіі, –
На якія толькі
Шчупакі дзівіліся),
Хаваў у лодцы ад дамашніх
Цыгарэты
(Дактары курыць забаранялі)
I доўга экзаменаваў
Свой лодачны матор,
Які пляваўся дымам,
Чыхаў, агрызаўся,
Як цюцік, у якога
Адбіралі костку.
 
А можа
Разьмінуліся мы зь ім,
I ён раней адплыў
На Гатаўскія тоні?
 
Яшчэ аклікну раз
I паплыву шукаць.
 
24.XII.1975.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.