Сьвеце месяц, сьвеце, Як дзюрка ў сярмязе; Паніч за мужычкай Безустаньня лазе. Дваццаць год Марысі, Кроў іграе ў целе, З панскім сынам ночкі Каратае, дзеле. «Марыся, Марыся! – Гавора ёй маці: – Кінь на паніча так Вачыма міргаці». Яна як ня чуе Матчыных мараляў: Спусьці маці з вока, – Дзеўка й загуляла. Падлясок, за вёску, Бы далей ад дому, Ляціць на спатканьне К панічу ўдалому. Што з сабой там робяць, Як час каратаюць? – Гэта хіба толькі Муж і з жонкай знаюць. Сьвеце месяц, сьвеце, Як лысіна ў пана; Мусіць быць нарэшце Песьня дасьпявана. Ад пакус і ўцехаў Крок адзін к пакуце, – Быці бабай дзеўцы Часам чорт паплуце... Панічу з паненкай, З багатай Амэляй, Ужо рукі хусткай Ксёндз вяжа ў касьцеле. Панічова ж любка, Марыся ўдалая, На прылёты бусла Сьлёзна паглядае. Марыся, Марыся! Галоўкі ня чухай, – Ня слухала маці, Бабкі цяпер слухай.
[1905–1907]
|
|