Басаногім яшчэ хлапчуком Бег вясну сустракаць каля весьніц, Зь нецярпеньнем чакаў я шпакоў, Каб на ліпе ім “домік” павесіць. Прыляталі ў мой сад малады Белахвостыя ранкам сарокі, Вывучаў я іх мову тады – Вывучаў сьвет адносін шырокі. І ад радасьці проста дурэў, Калі ўсё ажывала жывое… Палюбіў песьні птушак і дрэў, Што й нашу я ў душы як сьвятое. Пастарэў вось – вярнуўся к вадзе, Пасяліўся, як ліс, ля затокі… Ў пераменлівай плыні падзей Сквапна п’ю далягляд сінявокі.
|
|