Спякота спала. Ціхі вечар. Аблок сплаўляюцца вазы. Нам зноў прызначылі сустрэчу (Нібы паклікалі на веча) Заўгодзь – вясковыя вязы. Ну што сказаць? Лаві лагоду, З вышынь гадоў на ўсё зірні: Успомні, брат, адкуль мы родам, Адкуль шляхецтва карані. Сустрэча з сябрам – бы дарэчы, Сіл прыдае яна ў разы. – А помніш, як мы ў цёплы вечар Грузілі сена на вазы?.. Як смех дзяўчат гучаў паўсюду У сенакосную пару?.. Забавы нашы, перасуды, З чым сустракалі мы зару?.. – За лёгкім хлебам не ганяцца б… – Пра тое думаю штодня: Струхнела дзедава сяўня, Няма куды цяпер вяртацца… – Сам прыкмячаю, год ад году, А трэшчын – болей на кары Вязоў старых… (Адкуль мы родам), Як больш маршчынак на твары. – На вёсцы мы сягоння – госці, Як ні круці, ад думак сум… – Тут цяжка выправіць нам штосьці, Хоць ёсць прастор яшчэ для дум. – Пад кронаю густога лісця Пакурым лепш… І памаўчым, Пра што мы марылі калісьці… – Усё прайшло, як дым, лічы, Але штогод нас на сустрэчу Завуць здалёк, бы на прызыў, Як некалі склікалі веча, Завуць – вясковыя вязы!..
|
|