Скупое лета на цяпло, Але было яно, было , Хапала сонца квецені. Буяла, пеніла, цвіло І прабівалася, расло,– Хоць і не ўсе прыкмецілі!.. Прастор быў перш для ластавак, Для слоў прыгожых, ласкавых; Насенаваць стараліся, А горача – купаліся... На лецішчы, на леташнім – Збылося ўсё найлепшае… І вось – кастры гараць... І дым – у вочы есца маладым,− Сабрана ўсё калоссе… Стаім мы моўчкі ля вады, Цячэ рака – цякуць гады… На носе хутка халады… Не за гарамі – восень!..
|
|