Чырвонае і Чорнае Стэндаля, Як два бакі, што ў медаля… Каму якая роль прыпала – Такую й граем мы пасля. Свет падзяліў не Бог, а людзі, Прымаў, мо, й чорт у тым удзел. Ты не спяшайся заўтра ў суддзі, Тым больш – вяршыць свой перадзел… Час сабярэ за нас каменне, Як малако, працэдзіць нам – Учынкі, помыслы, памкненні, Трывогі нашыя, сумненні – Раздзеліць цяжар папалам. Свет падзяліў не Бог, а людзі, Сярод якіх няма святых. Дзесь убыло – а дзесь прыбудзе Прарокаў мудрых ды сляпых. Жыві ж як роўны сярод роўных, Умей і слухаць і маўчаць… А сэнс? І ў Чорным, і ў Чырвоным: На ўсім таемнасці пячаць.
|
|