Беларусь – зямля такая: Пушча, лес ды курганы; А за полем, а за гаем – Сьпяць сівыя валуны. Купаламі залатая Пад вясёлкавай дугой, Беларусь – зямля сьвятая, І ня трэба нам другой!.. Сьвеціць сонца, сьвеціць ясна Над дарогай палявой, – Тут мінулае з сучасным Ніткай зьвязаны адной. Каб клубок разблытаць гэты, Больш даведацца пра край, Ты зьвяртайся – да асьветы, Кніжак мудрых больш чытай!.. Шлях да ісьціны пакутны, Ды ў навуках толк пазнаў Наш славуты Сымон Будны, Чалавек вялікіх спраў. …Пасяліўшыся у Лоску Пяць вякоў таму назад, Ён праславіў гэту вёску Тым, што кніг тут выдаў шмат. Ўсёй Эўропе – і яскрава! – Беларус паднёс урок, Каб асьветніцкая справа Адкрывала людзям зрок. Каб гучала маці мова, Паважаць яе маглі; Мова – ўсіх асноў аснова, Лепшы скарб наш на зямлі!.. Беларусь – зямля такая: Незалежны вольны край… А легэндаў тут хапае: Слухай – думай – вывучай.
|
|