РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міхась Курыла
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
На зямлі, дзе гонкія яліны
Дастаюць да неба галавой, –
Думаць  аніколі не пакіну
Пра свой край – блакітную Айчыну – 
І пра час, ляціць які стралой.
 
На зямлі, дзе ёсць дзівосаў безліч,
Шмат што прад вачыма ажыло.
Думаю – пра пушчы вечнай веліч,
Што ўкрывае край сваім крылом!..
 
Б’ецца ў бераг хмызняковы Іслач,
Коціць воды ў даль Бярэзіна − 
Гэта ўсё красы жывой аблічча,
Гэта ўсё Паэзія... Яна –
 
Не, не за заслугі нам даецца,
Проста ўсім на радасць існуе,
Як і край, радзімым што завецца,
Як і мары светлыя твае!..
 
...На зямлі, пагоркамі стракатай,
Сам нямала пратаптаў дарог.
Бачыў прыгажосці я багата,
Без якой і дня пражыць не мог.
 
З новай песні, нібыта малітвы,
Пачынаўся мой працоўны дзень.
Кожны верш, з любові ён адліты,
З думкаю пісаўся для людзей –
 
Землякоў, хто працай памнажае
Славу дарагіх сэрцу мясцін:
Нашы звычкі, мову паважае,
Бо ў душы – і ён хрысціянін!..
 
І  радкі, як струны, зноў звінелі,
Славіў я ў свеце − Прыгажосць,
Каб душой ніколі не чарсцвелі,
Каб на свет адкрыта мы глядзелі,
Шанавалі тое – што ў нас ёсць.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.