Халоднай гронкай бэзу Пад гукі паланэзу Сагрэў душу мне погляд Задумлівых вачэй… Баяўся: “Апякуся…” Баяўся: “Памылюся…” А вочы – разгараліся Ярчэй усё, ярчэй. Да слоў я неахвочы, Хоць чалавек і творчы, Тады яшчэ ня ведаў – А што такое рай… І прыгубіў я згубы Пад шэпат вуснаў: “Любы! Запомні гэты вечар, Запомні гэты май!” …Я зноў стаю ля вокан. І пахне бэз навокал. І водар кружыць голаў, І думка зноў гняце: “Эх, дзе ж вы, тыя ночкі?.. Эх, дзе ж вы, тыя вочкі?..” Чужы я чую шэпат: – Бэз цьвіце…
|
|