РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Хведар Чэрня
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бывала...
Бывала, ў летні вечарок
Дзяўчаткі хорам мілым
На вечарынку за барок
Падвезьці іх прасілі.
А нам па васемнаццаць –
Ну як тут адмаўляцца!
 
Садзіўся на веласіпед
І ціснуў так педалі,
Ажно зьдзіўляўся цэлы сьвет,
Як мне тады казалі.
Бо нам па васемнаццаць –
Чаму з нас не зьдзіўляцца!
 
Там, у прылеску-хмызьняку,
Двухколкі мы хавалі,
Ішлі ў сяло. Ды пад руку
Дзяўчатак не трымалі.
Бо ўсім па васемнаццаць –
Пасьпеем натрымацца.
 
Мы іх у танцы не вялі,?
Больш падпіралі дзьверы.
А іх круцілі, як маглі,
Другія кавалеры.
То ж нам па васемнаццаць –
Ці варта прыбядняцца?
 
Пасьля, фарсі ці не фарсі,
Дружкоў на нас мянялі,
І зноў дармовае таксі
Раскручвала педалі.
Калі па васемнаццаць –
Ці трэба тут злавацца?
 
А ўжо на раме, чур-чура
За цеснату, дзяўчынкі,
Ды асьвятляла нам зара
Цераз барок сьцяжынкі.
Калі па васемнаццаць –
Так лёгка закахацца!
 
Ня згледзелі, як час прайшоў.
Даўно веласіпеды
Зьмянілі мы на “Масквічоў”,
На “Волгі” і “Пабеды”.
А тыя васемнаццаць 
Амаль штоночы сьняцца…
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.