РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Вітка
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Паглядзі на жаўталісты сад.
Вунь ідзе між яблынь лістапад
I зь вялізнага лазовага каша
Прадае падсмажаныя пернікі зямлі
За цану насьпелай медзі ліп,
А лісты шуршаць, шуршаць, шуршаць.
 
Нехта пальцамі руплівых добрых рук
Ледзь крануўся сеткі павуцінных струн.
Пэўна, хоча пад суладны ціхі шум
Прывітаць, уславіць восені прыход,
Скінуць з плеч цяжар мінулых год
I напоўніць новай радасьцю душу.
 
Восень, восень!
              Тыя песьні, перазвоненыя ўсе,
Адгулі бясьсьледна ў пустацьветавай красе,
Што сьпяваў табе калісь паэт,
Сумаваў,
        што згас пурпур параненых вяргінь, –
У жыцьцё прыйшоў другі
Зьдзейсьніць свайго сэрца запавет.
 
Паглядзі на жаўталісты сад
Вунь ідзе між яблынь лістапад.
Яснай песьняй поўніцца душа, –
Мабыць, ведае, аб чым лісты шуршаць.
 
1928
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.