Ціхім гоманам гордых вяршын, Шэпатаньнем зялёных галін Лес адвечную казку казаў; Казкі той зразумець не маглі Птушкі, што у ём гнёзды вілі, Ані вецер, што там пралетаў. Казку ту зразумеў чэлавек: Лес казаў пра даўнейшы той век – Ён гісторыю пеў старыны, Што была таму сотні гадоў, Аб жыцьці-быцьці нашых дзядоў – Як і дзе пражывалі яны. Ён аб войнах крывавых казаў – С кім і дзе прадзед наш ваеваў, – Пеў аб долі-нядолі яго; Ён аб веры яго гаварыў: Ў што той верыў, каго другам быў I за ворага меў ён каго. Ціхім гоманам гордых вяршын, Шэпатаньнем зялёных галін Лес казаў пра ад'жыты ўжо век, I хоць казкі спазнаць не маглі Птушкі, што у ём гнёзды вілі, Яе ўсю зразумеў чэлавек.
|
|