Дзень сканаў за гарой, а над соннай зямлёй Выплыў месяц пурпурна-крывавы; Над разлогамі ніў хутка-шыбка ён плыў, Прытрымаўся над соннай дубровай. Між адвечных дубоў асьвяціў рой крыжоў, У высокай траве прытаіўся; Плямай яснаю поўз па курганах, як смоўж, То малюнкам на небе лажыўся. Ціш усюды – спакой... Над званіцай старой Звон зыклівы раптоўна раздаўся; Разам з ім – пад дубом – над старым курганом Трэснуў камень і з гукам распаўся. І ад дзіваў такіх вецер змёршы заціх, Месяц хмаркаю ў небе закрыўся; С-пад раскопаў зямлі цені шпарка ішлі, – Во адзін з іх к крыжу дрысланіўся. У мазолях рука – верны знак мужыка, Сьвецяць дзіўным агнём яго вочы; I з грудзей гукнуў кліч: «Брацьця! ўсе, хто тут сьпіць! Брацьця, ўстаньма усе гэтай ночы! Сярод ніў ды палёў хараводаў-кругоў Мы натворым, успомнім былое; Песьню так завядзём, як тады, як агнём Ў нас кіпела жыцьцё маладое. Хай-жэ песьня ляціць, хай жэ песьня гудзіць, Разальецца па долах, па нівах! Нашай песьні такой не чутно с пары той, Як ляглі мы у цёмных магілах. Прахадзілі гады, заціралі сьляды, Заціралі сьляды нашых сьпеваў; Над разлогамі ніў іншы голас паплыў, – Сьпеў чужы плыў над нашым засевам. Брацьця! Ўсе, чым хутчэй хай з магілы сваей, – Брацьця, кожны на сьвет з вас выходзе! Мы ім песьню сьпяём, песьню зычну, як гром; Ў ёй раскажэм аб нашым народзе. Ў ёй пець будзем аб тым, што было, ды, як дым, Расплылося у віхравай хвалі, – Тую славу-пачот, якой слыў наш народ, Ды ўсё злыдні яму паскрывалі. Каб ніводзін із іх не чураўся сваіх Рук пакрытых карой мазалістай; Мовы дзедаў, бацькоў для гаворкі паноў Не чураўся ў хацінцэ айчыстай. Хто зямлі гэтай сын, ўстаньце ўсе, як адзін! Гэй, раздайся ты, песьня ўдалая! Хай твой зык паплыве, дзе народ наш жыве, Долю-мачыху дзе праклінае. Як забыўся пеяць, ўмее толькі стагнаць; Песьні болем яго налітые. Хай-жэ зычны наш сьпеў ўспомне ўраз, неўспадзеў Яму прошласьці дні залатые». Чуць могутны прызыў да магілаў даплыў, Разамкнуліся мігам магілы; С-пад раскопаў зямпі цені шпарка ішлі Хараводам між крыжаў пахілых. Зычны родны напеў з іх грудзей паляцеў, Словы радасьцю дзіўнай пеялі; К волі, к шчасьцю прызыў гдзесь над сёламі плыў Рассыпаючысь рэхам у далі. I замоўк дзіўны хор. Плыла песьня ў прастор, Тоны доўга ў паветры зьвінелі; Прадзядоўскі напеў над палямі ляцеў, После сосны аб ім ліш шумелі.
|
|