Месяц чырвоны, як кроў, Над полем сонным ўзышоў; Цішком як злыдзень цікаўся, – Цераз ручай пераплыў, Аж на даліну узбрыў, Пад гушчу лесу прадраўся... Блескам сваей твары ўсей Кінуў ў разлогі палей, На цушчу чорных курганаў, На груды камней сівых, – Пералічыў іх усіх, Пад кожны кусьцік заглянуў; Ці то ён штось погубляў, Ці то чагосьці шукаў, Сьвецючы сам сабе ў ночы, Ці моцай скрытай лучоў Зваў ў хараводы цянёў, Каб чым парадаваць вочы... Гдзесьці ў далёкай далі Ветры парывам ўзнялісь, Туман над рэчкай скруцілі Ў адзін загналі безлад, Круцячы – там, то назад, Ў поле клубамі кацілі. Лес шапаціў ўсё аб чымсь, А па-над лесам, як дым, Пара ўзнялась з верхавінаў... Раптам раздаўся гдзесь трэск Сухай галіны і плеск Крыльля, і зноў сьціх, загінуў... Ў вочы савы гдзесь сляпой Ўбіў месяц ясны луч свой... Ў гушчы збудзілась начніца, Воўк у імшарах завыў. I кроўю вочы наліў Вылезла з дрэва куніца; З млына над чорнай вадой Піскучых кажаноў рой Высыпаў – трэпле скрыдламі. Да тонкай вольхі прынік, Ўстаўшы са дна, вадзянік, Ўпіўся ў русалку вачамі... Ў вёсцы сабака завыў – Ўчуў, што ў аўчарню забрыў Воўк с сваей жонкай ваўчыцай... · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · А над ўсім вокал царыць, Ўсё пастараўшысь прыкрыць, Ночка – цямроты царыца!...
|
|