Ноч позная. Вецер гудзіць, завывае, Так жаласна-сумна шуміць; А мне сэрца з болю ў грудзях замірае, Душа так страшэнна баліць! О, вецер! ты плачэш, ды ты йшчэ шчаслівы, Свабодны ляціш у прастор; Заенчыш – спагадна шумяць, стогнуць івы, І плачэ с табой сівы бор. О якжэ-б с табою ляцець я хацела, Пакінуць і сьвет і жыццё! С табой я летала-б, с табой-бы гудзела, Жаль зліўшы ў тваё у выццё. Мы-б ночкай насілісь ў шырокім абшары Праз выдмаў вялікі разлог, Праз пушчы лясные, балоты, імшары, Гдзе-б толькі забрацца ты змог. Ў выццё тваё, вецер, зліла-б мае стогны, І выў бы ты болем маім, – Мо сэрцэ людзкое спагадаю дрогне Над болем вялікім такім. Тады не адна я ўжо буду з думою, Што цёмнае ночкі чарней... Вазьмі мяне, вецер, летаці с сабою, Спагады шукаць у людзей!
|
|