Помніш вечэр: с табою мы ў чоўні былі, І па возеры сонным плылі; Месяц круглы з блакіту на нас пагледаў, Залацістые косы ён путаў і рваў Ў хвалях вод, што за чоўнам ішлі... На душы нам так сьветла, так ясна было – Мы шчасьлівы былі... Ты пакінуў вясло І падняўся з руля, і сеў побач мяне, І па соннай, гладкой вадзяной раўніне Ціхім ветрам нас лёгка нясло... Нам с табой не хацелась тагды гаварыць: Мы баяліся возера с сну разбудзіць. Маю руку ў свае ты даволі узяў, – Лёгка сьціснуў і сьціха - ледзь чутна сказаў: Праз жыццё гэтак будзем мы плыць! Ізноў змоўк... Месяц з неба так ясна сьвяціў, – Сваім блескам ваду ён усю залаціў, А лазняк малады, што так рос над вадой, Шэлясьцеў і шумеў і ківаўся над ёй, Якбы нешта усё гаварыў. Якбы думу сваю хвалі соннай шэптаў, І галінкі свае ў вадзе яснай купаў. Раптам вецер аднекуль шальны наляцеў, I трывожна і громка лазьняк зашумеў... – «Будзе бура», – ты ціха сказаў. С шумам хмара з-за лесу йшла з ветрам на нас; Ў небі бліснуў маланкі агонь і пагас, А віхор на вадзе закруціў-зашумеў, А на небі ўжо гром раскаціўся – грымеў, Ў хвалі кідала лодку і нас. Ты ж весла ухапіўся і сьмела устаў; Лодку кідала, гнала - ты сьмела стаяў! Хвалі гнаные ветрам стагналі, раўлі, С плескам брызгалі ў лодку і далей плылі; Ты ня дрогнуў – стаяў – веславаў... І здавалася мне, што ты бог над вадой; Не баялась я буры, бо ты быў са мной. Ты прыгнуўся, спакойна руку маю ўзяў I, заглянуўшы ў вочы, мне з моцай сказаў: – «Будзь спакойна: я – тут, я – с табой»... Хоць нас вецер шалёны на хвалях насіў І хоць човен ён гнаў, і кідаў, і круціў, – Ані разу ад страху ня дрыгнула я, Бо ў руках у тваіх рука была мая, Бо ты, мілы, са мною там быў!..
|
|